
Ales Bialiatski / Viasna (Belarus)
About
Беларускі прадэмакратычны актывіст Алесь Бяляцкі ўзнагароджваецца Прэміяй за правільны лад жыцця 2020 (2020 Right Livelihood Award)
Беларускі прадэмакратычны актывіст Алесь Бяляцкі сумесна з няўрадавай арганізацыяй Праваабарончы цэнтр “Вясна” ўзнагароджваюцца Прэміяй за правільны лад жыцця 2020 (2020 Right Livelihood Award), шырока вядомай таксама як „Альтэрнатыўная Нобелеўская прэмія“, за іх выбітную ролю ў змаганні за дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі, – абвясціла ў чацвер Фундацыя за правільны лад жыцця (The Right Livelihood Foundation ).
Шведская Прэмія за правільны лад жыцця з’яўляецца прэстыжнай міжнароднай узнагародай, якая з 1980 г. прысуджаецца мужным ініцыятарам перамен. Прэмія з’яўляецца знакам прызнання бясстрашных першапраходцаў, адлюстроўвае ўражальныя тэндэнцыі па ўсім свеце і мае на мэце падтрымку безадкладных і доўгатэрміновых сацыяльных пераменаў.
Бяляцкі, які стаіць на чале амаль што 30-гадовага змагання за дэмакратыю і свабоду, заснаваў Праваабарончы цэнтр “Вясна” ў 1996 г. з мэтай падтрымкі палітычных вязняў. За гэты час цэнтр ператварыўся ў вядучую няўрадавую арганізацыю, якая садзейнічае фармаванню грамадзянскай супольнасці ў Беларусі пры дапамозе дакументацыі парушэнняў правоў чалавека і маніторынгу выбараў.
Бяляцкі і Вясна ўзнагароджваюцца «… за сваю рашучую барацьбу за ажыццяўленне дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі.»
Бяляцкі і Вясна з’яўляюцца першымі беларускімі лаўрэатамі Прэміі за правільны лад жыцця.
«Статус лаўрэата прэстыжнай Прэміі за правільны лад жыцця накладвае дадатковыя абавязкі», – сказаў Бяляцкі. «Я цалкам усведамляю, што гэта ўзнагарода абумоўленая гістарычным збегам абставін, а менавіта трагічным і цудоўным змаганнем майго народу за справядлівасць, яго ахвярамі і самаадданасцю, якія прывялі да таго, што праваабарончая праца ў Беларусі ў гэтым годзе сталася нават больш патрэбнай і істотнай чым калісьці раней. Гэтая ўзнагарода – сімвал маральнай падтрымкі ўсіх людзей Беларусі, якія імкнуцца да дэмакратычных перамен. Я спадзяюся, што міжнародная ўвага, якую выклікае прэмія, дапаможа зрабіць працу Праваабарончага цэнтру “Вясна” ў Беларусі больш плённай і менш небяспечнай.
Оле фон Юкскуль, выканаўчы дырэктар Фундацыі за правільны лад жыцця, сказаў: «Алесь Бяляцкі – выбітны праваабаронца, які адыгрываў цэнтральную ролю ў змаганні за дэмакратыю ў Беларусі на працягу трох дзесяцігоддзяў. Бяляцкі і Вясна ўзнагароджваюцца Прэміяй за правільны лад жыцця ў крытычны момант іх барацьбы за будучыню краіны. Улічваючы тое, што грамадзяне з самых розных сацыяльных пластоў працягваюць штодзённа выходзіць на вуліцы з пратэстамі супраць дыктатарскага рэжыму прэзідэнта Лукашэнкі, узнагарода Бяляцкага і Вясны адначасова з’яўляецца знакам салідарнасці з усімі тымі, хто імкнецца да свабоды і дэмакратыі ў Беларусі.»
Бяляцкі і Вясна ўзнагароджваюцца грашовай прэміяй у памеры 1 мільёну шведскіх кронаў з мэтай падтрымкі іх працы. Як і ў мінулыя гады, кандыдаты, якімі маглі быць і асобы, і арганізацыі, вылучаліся ў адкрытым працэсе, у рамках якога права прапанаваць кандыдатаў меў кожны зацікаўлены. Лаўрэаты будуць узнагароджаныя цягам віртуальнай цырымоніі ўручэння прэміі, якая адбудзецца 3-га снежня 2020 г.
Лаўрэатамі Прэміі за правільны лад жыцця за 2020 г. таксама з’яўляюцца:
- Насрын Сатудэ (Nasrin Sotoudeh) – зняволеная адвакатка і актывістка па правах чалавека, Іран
- Браян Стывенсан (Bryan Stevenson) – адвакат і актывіст па правах чалавека, ЗША
- Лоці Канінгем Урэн (Lottie Cunningham Wren) – абаронца правоў карэннага насельніцтва і экалагіня, Нікарагуа
Кароткая біяграфія Алеся Бяляцкага і гісторыя Праваабарончага цэнтру “Вясна”
Беларусь пад кіраўніцтвам прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі часта называюць „апошняй дыктатурай у Еўропе“. Гэтая рэпутацыя абумоўлена аўтарытарным рэжымам Лукашэнкі, пры якім выбары фальсіфікуюцца, апазіцыя пазбаўляецца голасу, а грамадзянская супольнасць жорстка кантралюецца дзяржаўнымі інстытуцыямі, якія, зрэшты, з’яўляюцца перажыткам савецкага мінулага. Акрамя таго, Беларусь з’яўляецца апошняй краінай на кантыненце, якая выкарыстоўвае смяротнае пакаранне.
З сярэдзіны 1980-х гадоў Бяляцкі вёў негвалтоўную і непартыйную барацьбу за забеспячэнне дэмакратычных свабодаў і развіццё актыўнай грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Адным з кірункаў дзейнасці Бяляцкага было правядзенне кампаніі за адмену смяротнага пакарання. За чынны ўдзел у беларускім праваабарончым руху Бяляцкі быў арыштаваны і асуджаны на некалькі гадоў пазбаўлення волі па абвінавачваннях, сфабрыкаванай супраць яго беларускімі ўладамі з мэтай спыніць яго дзейнасць. Пераследу з боку беларускіх уладаў неаднаразова падвяргалася таксама Вясна і яе сябры.
Нягледзячы на гэта і дзякуючы сваёй настойлівай і паслядоўнай працы, Бяляцкі і Вясна сталіся нястрымнай мірнай сілай, якая садзейнічае пашырэнню правоў і магчымасцяў, а таксама забеспячэнню дэмакратычных правоў беларускага народу. Падчас прадэмакратычных пратэстаў, у тым ліку цяперашніх масавых дэманстрацыяў пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 г., Вясна адыгрывала вядучую ролю ў выступленнях за права на свабоду сходаў, абароне правоў арыштаваных у ходзе пратэстаў і дакументацыі парушэнняў правоў чалавека. Бяляцкі таксама з’яўляецца сябрам Каардынацыйнай рады, створанай апазіцыяй і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці ў жніўні 2020 г. з мэтай садзейнічання мірнаму пераходу ўлады ў краіне.
Бяляцкі і Вясна застаюцца супольнасцю адважных людзей, якая пратэстуе супраць дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі ва ўмовах вялікай асабістай небяспекі. Дзякуючы сваёй адданасці дэмакратыі і свабодзе яны заклалі падмуркі мірнага і дэмакратычнага грамадства ў Беларусі.
Біяграфічныя звесткі
Алесь Бяляцкі
Месца нараджэння: Карэлія, Расія
Дата нараджэння: 25 верасня 1962 г.
Адукацыя: У 1984 г. скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1989 г. – аспірантуру Інстытута літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”
Створаны: 1996 г.
Месцазнаходжанне: цэнтр у г. Менску і рэгіянальныя арганізацыі ў большасці буйных гарадоў Беларусі
Biography
Press Releases
Кантакты для медыя
Міжнародныя медыя: Emoke Bebiak, emoke.bebiak@rightlivelihood.org, +41 78 333 84 84
Нямецкія медыя: Julia Naumann, Nina Tesenfitz, presse@rightlivelihood.org,
+49 (0)170 5763 663
Гішпанскія медыя: Nayla Azzinnari, nayla@rightlivelihood.org, +54 9 11 5460 9860
Шведскія медыя: Johannes Mosskin, johannes@rightlivelihood.org, +46 70 437 11 48
Прэмія за правільны лад жыцця (Right Livelihood Award)
Прэмія за правільны лад жыцця, устаноўленая ў 1980 г., мае на мэце падтрымку чалавечай мужнасці, неабходнай для дасягнення паўсюдных міру, справядлівасці і ўстойлівасці. Прэмія з’яўляецца знакам прызнання бясстрашных першапраходцаў, адлюстроўвае ўражальныя тэндэнцыі па ўсім свеце і мае на мэце падтрымку безадкладных і доўгатэрміновых сацыяльных пераменаў.
За гады існавання прэмію атрымалі 182 лаўрэаты з 72 краін.
Фундацыя за правільны лад жыцця (Right Livelihood Foundation), якая знаходзіцца ў Стакгольме, бачыць сваю ролю ў тым, каб быць рупарам і шчытом для сваіх лаўрэатаў, аказваючы ім доўгатэрміновую падтрымку. Асноўнымі мэтамі фундацыі з’яўляюцца прыцягненне ўвагі да лаўрэатаў і іх дзейнасці, забеспячэнне бяспекі ў выпадку, калі жыццё ці свабода лаўрэатаў знаходзіцца пад пагрозай, інфармаванне грамадскасці пра інаватыўныя захады лаўрэатаў. Фундацыя мае Спецыяльны дарадчы статус у Эканамічным і сацыяльным савеце ААН.
Асаблівасцю прэміі з’яўляецца тое, што намінанты, ці то асобы, ці то ўстановы, могуць высоўвацца ўсімі зацікаўленымі. Міжнароднае журы абірае лаўрэатаў на падставе высноў, зробленых у ходзе пільнага вывучэння адпаведных матэрыялаў даследчай групай фундацыі. У адрозненне ад большасці іншых міжнародных узнагародаў, Прэмія за правільны лад жыцця не мае катэгорыяў. Гэтым фундацыя падкрэслівае, што натхняльная і выбітная праца, якая імкнецца даць рады выпрабаванням сучаснага свету, насілу паддаецца стандартнай класіфікацыі.